Зайздросцьце: і я таксама пабываў на “Славянскім базары ў Віцебску” дзякуючы Нацыянальнаму акадэмічнаму народнаму аркестру Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча: ён стаў героем цыклу “У тур са сваім журналістам”. У горадзе на Заходняй Дзвіне ў рамках XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў 17 ліпеня ў Віцебскай абласной філармоніі калектыў з запрошанымі артыстамі і адкрываў турнэ па краіне (і не толькі). Праграму складае рок-опера “Песня пра долю” (па матывах паэмы Янкі Купалы “Адвечная песня”) і канцэрт “...Не рвуся я к славе”, у якім у ролі “першай скрыпкі” выступае Пётр Ялфімаў. Гэта першы паказ рок-оперы як пастаноўкі адноўленай, абноўленай, адаптаванай пад аркестр за межамі Мінска, і ў такім выглядзе трэці наогул, лічачы з 2012-га — года адраджэння твора.
Нюансы
У дарогу артыстычна-рэжысёрска-адмiнiстрацыйна-тэхнiчны склад (усяго 68 чалавек) выправіўся а 9-й раніцы 17-га аўтобусам і мікрааўтобусам з прычэпам, які быў запоўнены неабходным абсталяваннем ды рэквізітам. У аўтобусе я размясціўся як бы на месцы памочніка штурмана — у першым шэрагу пасажырскіх крэслаў. Па правую руку ад мяне сядзеў Міхаіл Казінец — народны артыст Беларусі, галоўны дырыжор аркестра, што ўвесь шлях пра нешта засяроджана думаў, несумненна і пра выступ таксама; па левую — Барыс Ліўшыц, дырэктар аркестра, што перыядычна ўдакладняў па мабільнай сувязі дэталі мерапрыемства. У маіх размовах з імі і прайшла частка падарожжа ў горад на Заходняй Дзвіне.
— Гэта пастаноўка разам з трыма іншымі (“Гусляр”, “Апокрыф”, “Люцыян Таполя”), ажыццёўленых нашым калектывам, у маёй асобе, а таксама дырыжора і аранжыроўшчыка Аляксандра Крамко і рэжысёра Ларысы Сімаковіч вылучана на суісканне Дзяржаўнай прэміі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры 2016 года, — нагадаў Міхаіл Антонавіч. — А чаму менавіта “Песня пра долю” і канцэрт з удзелам Пятра Ялфімава, у якім гучаць песні “Песняроў”, апрацоўкі народных песень, зробленых Уладзімірам Мулявіным, выпраўляюцца ў тур у Год культуры? Таму што гэта яшчэ і год 75-годдзя Уладзіміра Георгіевіча, які напісаў музыку для гэтай прыпавесці. Сярод меркаваных гарадоў тура — польскі Беласток (папярэдне — 6 кастрычніка), Гродна, у лістападзе — Магілёў і Вілейка.
Пад “Славянскі базар...” вышэйназваныя пастаноўкі прапаноўваліся аркестрам неаднаразова, але нешта не зрасталася. А ідэю паказаць “Песню...” на адной з пляцовак фестывалю менавіта ў 2016-м ініцыявала летась Міністэрства культуры, складаючы план мерапрыемстваў на Год культуры і год юбілею Мулявіна. Разглядаўся нават Летні амфітэатр, але было вырашана фінансава не рызыкаваць: Лявонцьеву — “лявонцьева”, аркестру — іншыя прэстыжныя падмосткі. Мінкультуры аплачвае арэнду транспарту ды камандзіровачныя выдаткі, Белдзяржфілармонія, у якой працуе аркестр, — працу запрошаных артыстаў.
Пастаноўка ў параўнанні з 2012 годам зведала некаторыя змены, так, да прыкладу, павялічылася колькасць артыстаў балета, сам спектакль стаў бліжэйшы да свайго арыгінала.
І, дарэчы, граецца ён не толькі адным аркестрам (у дадзеных выездах — у некалькі скарочаным інструментальна-колькасным варыянце, у залежнасці ад памераў пляцовак): задзейнічаны ў ім салісты-вакалісты і іншых беларускіх калектываў. Ролi Маці і Жонкі выконвае Кацярына Дзегцярова з Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, мужчынская група Дзяржаўнага камернага хору, артысткі Дзяржаўнага ансамбля танца і Нацыянальнага акадэмічнага вялікага тэатра оперы і балета, струнная група. Рэпетыцыі віцебскай часткі тура доўжыліся амаль тры тыдні.
— Тур — гэта свята для нас, — прызнаецца Міхаіл Казінец. — У савецкія часы трэць выступленняў аркестра цягам года ўяўляла сабой выязныя канцэрты. Мурманск, Уладзівасток, Магадан... — куды нас толькі ні закідваў лёс. Гастралявалі і па два месяцы без вяртання на радзіму, жылі ў вагонах…
Пасля таго, як наша краіна набыла незалежнасць, з такімі паездкамі стала больш складана. Калі ў аркестра здараюцца гастролі, то ў асноўным у яе межах. А калі выпадае блізкае ды далёкае замежжа, то працуе ён пераважна на пратакольных мерапрыемствах, “кампенсуючы” памяншэнне “валу” гастроляў вялікай колькасцю пастановак новых праграм ды выступаў на сцэне Белдзяржфілармоніі.
— Гастрольныя эмоцыі некалькі іншага плану, — гэта мы ўжо гутарым з Барысам Леанідавічам. — Іншая абстаноўка, іншы глядач — усё гэта падцягвае артыстаў, прафесійна стымулюе іх, абнаўляе. І новы вопыт, вядома, дадаецца.
Вяртаючыся ж да “Песні пра долю”, спадар Ліўшыц заўважае, што спектакль, стварэнне якога фінансавалася фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, у сілу яго тэхнічнай складанасці вельмі выдатковы, у цяперашніх эканамічных умовах ён не можа паказвацца на рэгулярнай аснове. Але дзяржаву вінаваціць у недастатковай увазе да беларускай культуры ў цэлым Барыс Леанідавіч лічыць няправільным: зыходзячы з рэалій, яна, на яго думку, робіць для апошняй усё, што можа. Ды і не ўпэўнены дырэктар у тым, што людзі ў сваёй масе гатовыя ўспрымаць матэрыял рок-оперы так, што залы на ёй будуць запоўненыя пад завязку рэгулярна. І заўважае: на некаторых канцэртах высокапрафесійных айчынных класічных музыкантаў публіку ў партэры можна пералічыць, не звяртаючыся да паслуг калькулятара. “Можа, перафразуючы Жванецкага, нешта ў людскіх галовах трэба падправіць, а не ў кансерваторыі?..” — “кідаю я”, гледзячы на трасу...
— Барыс Леанідавіч, а чаму для тура выбраны, дапусцім, Магілёў і Вілейка? — перапыняю маўчанне.
— Усё вельмі проста, — усміхаецца візаві, — адкажу і сур’ёзна, і не зусім. У Вілейскім раёне нарадзіўся Міхаіл Антонавіч, і там нас заўсёды прымаюць з велізарнай любоўю. А Магілёў — радзіма Пятра Ялфімава... Гродна — бліжэйшы да Беластока буйны беларускі горад, у якім можна было выступіць, а ў Польшчы пастаноўку вельмі жадалі ў сябе прыняць.
На жаль, іншыя беларускія гарады сёлета “Песняй...” нацешыцца не змогуць: зноў-такі з-за фінансавых прычын. На жаль, без фінансавага падсілкавання збоку турнэ наўрад ці працягнецца і ў будучыні...
Да, падчас і пасля
На гарызонце — пункт прызначэння. “Віцебск для мяне горад асаблівы, — кажа Міхаіл Антонавіч. — 60 гадоў таму, у жніўні 1956 года, я быў прыняты ў Віцебскае музычнае вучылішча...” Амаль праз 60 гадоў, у першай гадзіне дня, Віцебск прымае нас спякотай і, ужо прабачце за графаманства, нейкім спартыўным забегам па яго вуліцах плюс пахам галоўнай стравы фэсту — шашлыкоў. У наяўнасці яшчэ двух фірменных дэталяў я пераканаўся ледзь пазней, блукаючы па горадзе. Гэта, мабыць, на час фестывалю перастае дзейнічаць у асобных яго раёнах правіла перасячэння аўтамабілямі нерэгулюемых пешаходных пераходаў. І музычнае афармленне адкрытых кропак грамадскага харчавання — ад савецкай ды постсавецкай папсы позніх 1980-х ды 1990-х настальгія накатвала са страшнай сілай (пад усе гэтыя “а я люблю военных — красивых, здоровенных ...”).
Па прыбыцці артысты разбрыліся па горадзе — набірацца ўражанняў ад Віцебска фестывальнага і перакусваць. Тэхнічныя службы пачалі выстаўляць гук ды афармляць сцэну. Пасля 15.00 пачаўся агульны прагон. Тут “першай скрыпкай” стала рэжысёр пастаноўкі Ларыса Сімаковіч, якая не магла ўседзець на месцы: зрывалася з крэслаў, нешта падказвала, паказвала.
— Ларыса Іванаўна, — звярнуўся я да яе падчас перапынку, — у чым для вас была цяжкасць пры пастаноўцы рок-оперы?
— Справа ў тым, што асноўная частка артыстаў, якія прымаюць у ёй удзел, — людзі філарманічныя, яны, як правіла, працуюць у статыцы. Пастаноўка ж гэта — тэатральная, з усімі ўласцівымі ёй тонкасцямі. І трэба было арганічна звязаць вось гэтую статыку з тэатралізацыяй, з якой добра знаёмыя некаторыя запрошаныя артысты. Калі ж казаць пра цяжкасці, якія нас падцікоўваюць у туры, то трэба будзе адаптавацца да кожнай новай пляцоўкі, улічваць нюансы. І яшчэ: вы, вядома, звярнулі ўвагу на тое, як я нервавалася. Па-іншаму не магу: няхай хоць тысячу разоў будзе сыграна, выканана тое, да чаго я маю дачыненне, але, калі адчуваю найменшы фальш, недапрацоўку, то імгненна падхопліваюся — інтэлігентна, каб не пакрыўдзіць чалавека, але жорстка.
“Адпускаю” спадарыню Сімаковіч і таксама вяртаюся ў залу. Пакуль Ларыса Іванаўна спрабуе сабраць хор, на сцэне не шкадуе галасавых звязак Пётр Ялфімаў — як заўсёды сабраны ды прамяністы. Падчас выканання фрагмента адной з песень Мулявіна ён раптам праходзіцца знакамітай месяцовай хадой а-ля Майкл Джэксан, чым ладна весяліць сваіх партнёраў. І вось так — адказна, але часам жартаўліва — рэпетыцыя і праходзіла.
Набліжаецца пачатак праграмы. Аглядаю залу: акрамя публікі звычайнай, а таксама шматлікіх акрэдытаваных на фестывалі гасцей, заўважаю ў ім і іншых “вiпаў”, напрыклад, кіраўніцтва Міністэрства культуры. Усе яны і стварылі аншлаг (здаецца, запоўненыя былі і балконы). Адкрыла вечар лектар-музыказнаўца Вольга Брылон, сцісла выклаўшы гісторыю стварэння ды змест рок-оперы і прадставіўшы артыстаў. (Наогул, больш за ўсё апладысментаў спачатку атрымаў Ялфімаў, але па заканчэнні гледачы з аднолькавым натхненнем апладзіравалі ўжо ўсім, шчодра адорваючы кветкамі. Я ж урэшце ў які раз падзівіўся вакальнаму майстэрству Яна Жанчака: ён, вядома, галава! Але вось што яму рабіць — са сваім магутным голасам, якія песні пад яго можна адшукаць?..) І а восьмай вечара дзейства пайшло сваім парадкам (антракт у ім прадугледжаны не быў: пасля канцэрта Пятру Ялфімаву трэба было хуценька перасоўвацца ў Летні амфітэатр — спявак удзельнічаў у пралогу другога фінальнага дня Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2016”).
У параўнанні з аўдыяверсіяй “Песняроў”, гучанне ў гэтай сцэнічнай пастаноўцы больш насычанае, часам нават нечаканае, калі выкарыстоўваюцца інструменты, нехарактэрныя для рок-жанру ў яго чыстым выглядзе. Таму змагар крыштальнасцi напрамку можа і паціснуць здзіўлена плячыма, мне ж было цікава слухаць такую інкарнацыю, асабліва, калі “народны” саўнд змяняўся жорсткімі рытмамі. Але, думаю, вам будзе больш цікава пазнаёміцца з думкамі пра спектакль тых, хто ў ім заняты...
Андрэй Коласаў, выканаўца ролі Вясны ды Голаду: “Матэрыял вельмі моцны, ды і як па-іншаму можна сказаць пра твор, аўтарамі якога з’яўляюцца Купала, Мулявін, Яшкін, які напісаў лібрэта?! Я чалавек адносна малады, і калі сёння пра маё пакаленне 30-гадовых кажуць, абагульняючы, што беларуская класіка — няхай гэта будзе паэзія ці музыка розных жанраў — яму абыякавая, я з гэтым катэгарычна не згаджаюся. Ва ўсялякім выпадку, у коле маіх знаёмых, сяброў цікавасць да яе дастатковая і сталая”.
Ян Жанчак, выканаўца ролі Мужыка: “Я дакрануўся да “кухні” ансамбля “Песняры”, доўгі час прапрацаваўшы ў калектыве, якім кіруе Леанід Барткевіч. Гэта “кухня” — іншая: тут задзейнічаны цэлы аркестр, адпаведна, аранжыроўкі зробленыя пад яго. Энергетыка тут іншая. Звязвае ж усё агульная музыка, агульны пасыл, адзіны творчы падыход. Мне вельмі цікава працаваць з аркестрам, вельмі цікавая мая партыя, драматургія спектакля. Я ведаю пра скептычныя выказванні ў яго адрас, што новая аранжыроўка нічога асаблівага не дадала, што аркестр нічога не прыўнёс. Не згодзен. Стары варыянт, калі ўважліва ўслухацца, якраз як бы меў на ўвазе выкарыстанне большай колькасці інструментаў, і зусім не рокавых. Мне здаецца, у новай канцэпцыі ўсё так і атрымалася, новае прачытанне мяне абсалютна не ламае”.
Пётр Ялфімаў, выканаўца ролі Янкі Купалы: “Усё, што звязана з Мулявіным, — адмысловая старонка ў маім творчым жыцці. Гэта тычыцца і буйных формаў, як тая ж рок-опера “Песня пра долю”, і песень. Выконваючы творы Уладзіміра Георгіевіча, я імкнуся захаваць і ранейшыя фарбы, і дадаць нешта ад сябе, дазваляю паэксперыментаваць з быццам бы кананічнымі варыянтамі, дадаю часам “олд скул”, харда, прагрэсіву, арта, але пры гэтым, што называецца, не перацягваючы на сябе коўдру, не руйнуючы першапачаткова закладзенае. Усё сказанае тычыцца і дадзенага спектакля, да якога прыклаў сваю руку і па сёння самы сучасны з сучасных нашых музыкантаў”.
Глядацкае ж меркаванне на гэты раз будзе адно, затое падзяліўся ім вядомы расійскі музычны журналіст і крытык Сяргей Суседаў, які да пачатку пастаноўкі прызнаўся, што не толькі не бачыў яе, але і, да свайго сораму, нават не чуў “песняроўскі” аўдыяварыянт, а таму ішоў у філармонію свядома ды мэтанакіравана. І вось наш бліц-дыялог па завяршэнні ўмоўнага першага аддзялення:
— І як, Сяргей?
— Каб мой каментар скончыўся на пазітыве, скажу пра “мінусы”. Здалося, што некалькі аднастайная аўтарская музыка, некалькі сумная карцінка і статычнае дзеянне. Але ўсе гэтыя мае прэтэнзіі перакрываюць тоўстыя “плюсы”! У цэлым пастаноўка вельмі годная, я б нават сказаў, магутная. Выдатныя галасы, выдатны аркестр. І, так, гэта сапраўдная рок-опера. Выдатна, што яна ў вас ёсць. Што яна ў нас ёсць!..
— Як?.. — гэта ўжо задала мне пытанне Ларыса Сімаковіч.
— Добра, Ларыса Іванаўна! — шчыра прызнаўся я.
— А... можаце нешта сказаць больш канкрэтна?..
— Лёгка, ненатужна, без... нерваў. Сапраўды лёгка!
— І мне так здалося... Дзякуй за ацэнку!
— Вам і ўсім, хто ажыццявіў гэтую пастаноўку, дзякуй!
...А праводзіў мінскіх артыстаў, якiя амаль адразу ж пасля выступлення адбылі ў сталіцу, віцебскі лівень, з навальніцай ды маланкамі, быццам не хацеў іх адпускаць, салютуючы, апладзіруючы ды выклікаючы “на біс” на свой прыродны лад.
Развагі на балконе віцебскай гасцініцы
Шкада і крыўдна, што новая рэдакцыя “Песні пра долю”, гэты музычна-драматычны твор наогул, так патрэбны моладзі — школьнікам ды студэнтам, патрэбны іх бацькам, дзядулям ды бабулям, патрэбны прафесіяналам у галіне музыкі ды артыстам самадзейным, усяму грамадству, — фактычна не выконваецца. Асабіста ў мяне ўзнікае пытанне: як жа так, што па-мастацку, ідэалагічна, па-асветніцку, выхаваўча, маральна неабходны людзям спектакль застаецца без іх увагі? Перакананы, ён можа стаць яшчэ адной візітоўкай беларускай культуры — і ўнутры краіны (па-сапраўднаму) і за яе межамі. І павінен стаць. Удумайцеся: толькі праз 4 гады пасля прэм’еры “Песня...” пачынае “пракатвацца” па краіне. І не факт, што тур, як ужо было сказана, будзе мець працяг, якія б важныя даты ў сферы культуры мы кожны год ні адзначалі. Можа, да такой культурнай з’явы патрабуецца асаблівы падыход?.. І, далібог, хочацца часам падбадзёрыць асобныя ўчасткі нашай культуры: “Вы трымайцеся...”
Фота аўтара і Ірыны ГАЛУБЦОВАЙ (Pesnyary.com)
Аўтар: Алег КЛІМАЎ спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"