logo cimbaly
Russian English German
Submit to FacebookSubmit to TwitterSubmit to LinkedIn
Суббота, 26 ноября 2016 20:43

Калі пра смак нашага хлеба задумацца?

Оцените материал
(1 Голосовать)
Казінец з Дудкаў пра вяселлі ў XXII стагоддзі, многа ветру ў вачах, “дрыгву” руху па накатанай і пра навуку дзедавых “галэндзяў”
Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя Іосіфа Жыновіча нядаўна справіў 85-годдзе. Даўшы калектыву адсвяткаваць (і інфармацыйна суправадзіўшы дату публікацыямі музыказнаўцы Вольгі Брылон пра пачынальнікаў слыннай візітоўкі нашай радзімы), мы рушылі да мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора — народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла КАЗІНЦА.
 

— Усе сорак гадоў, якія я стаю на чале аркестра, перада мной ледзь не штодня паўстае пытанне: а што далей? І гэта добра, калі ёсць над чым задумацца, штосьці новае пачытаць, убачыць, пра штосьці даведацца, прыслухацца да разумных людзей, засумнявацца, узрадавацца, нават быць у роспачы і адчаі, што ўсё не так, і чакаць белай паласы. А калі ёсць нейкія здабыткі ў аркестра, дык усё гэта — калектыўны плён.

— Цікава, калі, на ваш асабісты погляд, у аркестра была самая белая паласа? Ці яна будзе?

— Такую паласу меў кожны этап існавання калектыву. На пачатку — стварэнне ў 1928 годзе ансамбля на чале з Дзмітрыем Захарам, дзе Іосіф Жыновіч быў канцэртмайстрам. Бо менавіта той ансамбль праз некалькі гадоў даў жыццё аркестру. Белая паласа была ў 1940 годзе, калі аркестр выступаў на І Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве. На той час гэта вельмі многа значыла! А першы пасляваенны канцэрт, калі калектыў быў адноўлены, — ці ж не яшчэ адна белая паласа? Наступная — калі ён пачаў шчыльна супрацоўнічаць з беларускімі кампазітарамі і іграць не толькі апрацоўкі народных мелодый, але і арыгінальныя творы, бо кампазітары паверылі ў калектыў, пачалі шукаць для яго адпаведныя фарбы. Белай паласой быў і прыход у аркестр дырыжора Віктара Барсава, які, каб узняць прафесійны ўзровень музыкантаў, стаў шмат выконваць пералажэнняў класікі. Чарговая белая паласа — “сімфанізацыя” аркестра, калі маладыя тады Яўген Глебаў, Дзмітрый Смольскі, Андрэй Мдзівані, потым Віктар Помазаў, Валерый Іваноў, Уладзімір Кур’ян ды іншыя пачалі пісаць выбітныя па задуме і драматургіі творы, прызначаныя для гэтага калектыву. Пасля мы сталі больш звяртацца да песеннай класікі, твораў Юрыя Семянякі, Уладзіміра Алоўнікава, Ігара Лучанка, Леаніда Захлеўнага, Уладзіміра Мулявіна, песень ваеннай тэматыкі і класікі савецкай песні і на гэтых творах раскрываць таленты вакалістаў. Нарэшце, мы прыйшлі да буйных тэатралізаваных формаў, у нас з’явіліся такія праекты, як “Гусляр” Ігара Лучанка і Уладзіміра Мулявіна, “Песня пра долю” — таксама Мулявіна, “Апокрыф” і “Люцыян Таполя” Ларысы Сімаковіч. Бачыце, колькі белых палосаў!

Думка ж часам прыходзіць нечакана, творчыя адкрыцці ўвогуле немагчыма рабіць “запланавана”. Бывае, праз нейкі час, крыху адляжаўшыся, творчае памкненне ўяўляецца ўжо не такім актуальным ды цікавым. А бывае і наадварот — раптам яго асэнсоўваеш і разумееш: тое, што трэба, рэвалюцыя ў мастацтве. Магчыма, на прэм’еры не ўсе ўспрынялі тую ж ронда-оперу “Люцыян Таполя”. Нядаўна я пераслухаў зроблены тады запіс нанова. Паверце, выдатны твор! Упэўнены, пройдзе час, і гэта зразумеюць усе, ён знойдзе сваіх прыхільнікаў як сярод новых музыкантаў-выканаўцаў, так і між удзячнай публікі. Увогуле, “Апокрыф” і “Люцыян Таполя” дый усё, што робіць Ларыса Сімаковіч, — вялікая ўдача калектыву. Нават сам зварот да творчасці Максіма Багдановіча і Максіма Танка дарагога каштуе. Сапраўдныя творцы выратоўваюць нас у любых выпадках, гэта тая паэзія і музыка, якія годныя быць прадстаўленымі нацыянальным акадэмічным калектывам, як наш.

Насамрэч узначальваць аркестр Жыновіча — гэта яшчэ і вялізная адказнасць. Па-першае, такі калектыў — адзіны ў свеце. Па-другое, калі ён у сваёй назве мае словы “нацыянальны” і “акадэмічны”, дык павінен адпавядаць стану нашай культуры, гісторыі, смаку нашага хлеба, нашай песні, а гэта нялёгка. Прасцей ісці па шляху забаўляльнасці, весялосці ды зухаватасці. Калісьці ў маладосці я граў на гармоніку танцы-вяселлі і лічыў, што толькі такая музыка патрэбная: полька, вальс, падэспань. Але чым далей, тым больш пераконваюся: беларуская песня куды лепш выяўляе тое, што хвалюе нацыю. Што беларускі народ імкнецца не толькі танчыць-святкаваць, але і над чымсьці задумвацца. Хаця, цяпер гэты разгул пераважвае, асабліва на тэлебачанні...

Вось і пачынаеш хвалявацца: а калі ж чалавеку задумацца? Толькі ціхая музыка дазваляе чалавеку засяродзіцца, зірнуць не ў люстэрка на свой “парадны партрэт”, а ўглыб сябе. І зразумець, хто ты і што табе трэба, дзеля чаго ты ўвогуле жывеш. Чалавек павінен увесь час удасканальвацца. А гэта магчыма толькі тады, калі ты кіруешся не адно эмоцыямі, але і розумам, роздумам, аналізаваннем сваіх памкненняў і ўчынкаў. Так што ў наступныя 85 гадоў існавання аркестра будзе тое, што і было: пошук, знаходкі, няўдачы, зноў поспех... А галоўнае — аркестр будзе жыць жыццём нашай краіны.

— У даваенны час, калі складаўся калектыў, беларускія народныя песні былі, што называецца, ва ўсіх на слыху і на вуснах. Сёння ж мы іх амаль не ведаем — за выключэннем, бадай, хіба самых папулярных, дый тыя ўжо не спяваем. Ці можа ваш аркестр, іншыя калектывы вярнуць тыя песні ў нашае жыццё, у наш побыт? Бо пакуль — яны гучаць з вялікай сцэны, у той жа філармоніі, але не ў кожнай кухні.

— Тое вясковае асяроддзе, што напаўняла раней не толькі вёску, але і горад, сёння губляецца, страчваецца. Сыходзяць пакаленні, якія прыехалі калісьці ў горад аднаўляць прамысловасць. Дый сама вёска сёння зусім іншая! Сыходзяць у нябыт вясельныя традыцыі, праз якія тыя песні жылі і развіваліся, пашыраючы кола сваіх выканаўцаў. Цяперашнія вяселлі ды іншыя святы — гэта найперш карпаратывы, куды запрашаюцца прафесіяналы і з зусім іншым рэпертуарам. Можа, гэта тэндэнцыі часу? Але ўзніклі яны не сёння, а значна раней, калі ўся музычная адукацыя, не кажучы пра выканальніцкую практыку, будавалася на заходнееўрапейскіх, расійскіх узорах, а не на беларускіх. І ўзраслі некалькі пакаленняў, выхаваных у адлучэнні ад роднага, спрадвечнага. Таму сёння мы толькі на пачатку шляху да каранёў. (У гады майго рэктарства ў Акадэміі музыкі там была адкрыта кафедра беларускай музыкі. Сёлета ёй спаўняецца 25 гадоў, і тое, што за гэты час было зроблена яе спецыялістамі, цяжка пераацаніць.)

Сярод цяперашняй творчай моладзі шмат тых, хто добра ведае беларускую мову, шчыра цягнецца да вывучэння нашай мінуўшчыны, нацыянальных асноў. Але на ўсё патрэбен час. Тыя фальклорныя ўзоры, што назапашаны ў час экспедыцый і знаходзяцца ў Нацыянальнай акадэміі навук, Акадэміі музыкі, Універсітэце культуры і мастацтваў, абавязкова знойдуць сваіх карыстальнікаў. Дый само выканальніцтва на народных інструментах, прычым не толькі ў акадэмічных, але і ўласна ў народных традыцыях, сёння пастаўлена на вельмі высокую планку — у тым жа БДУКіМ.

Але, паўтаруся, мы знаходзімся ў самым пачатку. І трэба спадзявацца, што калісьці (можа, нават у ХХІІ стагоддзі) на вяселлях зноў зайграюць цымбалы, гармонік ды бубен.

— Доўгі час мы знаходзіліся ў такім інфармацыйным полі, калі ў нашай свядомасці дамінавала руская музыка. Сёння мы ўсё больш пачуваем сябе ў цэнтры Еўропы. Ці не здарыцца так, што ў нас і цяпер будзе 15 хвілін на Беларусь, а ўсё астатняе — на сусвет? Нават у рэпертуары аркестра  ўсё больш апрацовак заходнееўрапейскай музыкі, джазу...

— З аднаго боку, магу з вамі пагадзіцца: мы сапраўды пачалі больш уключаць у рэпертуар сусветных хітоў. Так і павінна быць: у эпоху інфармацыйных тэхналогій слухач арыентаваны на ўсё, што робіцца ў свеце. І гэта нармальна, бо гэтак адбываецца так званы “дыялог культур”, калі асаблівасці адной з іх уздзейнічаюць на другую і кожная можа ўзбагаціцца чымсьці “ад суседзяў”. Тым больш, што для беларусаў такі працэс ішоў практычна пастаянна, цягам усіх стагоддзяў, калі штосьці “новае чужое” асімілявалася з “традыцыйным сваім”. З іншага ж боку, трэба проста не забывацца на “сваё роднае”, не абмінаць яго, не абвяргаць.

У нашых канцэртах часта гучыць і джаз, і папулярная класіка. Салісты маюць магчымасць прадэманстраваць віртуознасць, паказаць, што яны не горшыя за сусветных “зорак”. Але побач гучыць і народная песня, і беларускія творы, якія толькі выйграюць на сусветным фоне. І калі гэтыя нашы творы былі б паказаны ў замежжы, дык не толькі мы ад Захада — Захад узяў бы ад нас многія рэчы, паслухаў бы ды падумаў. Замежная культура пранікае ў нашу смела, прыгожа, часам нават нахабна. А мы не можам паказаць замежжу ўсё, чым валодаем, каб і наша культура не заставалася ў ценю. І гэта тычыцца не адно нашага аркестра! У Беларусі ёсць такія цудоўныя калектывы, як Дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, Дзяржаўны ансамбль танца, Нацыянальны акадэмічны хор імя Генадзя Цітовіча. Але мы не можам гэта ўсё паказаць на поўную моц! Часта — проста, як кажуць, з тэхнічных прычын.

Возьмем наш калектыў. Дзе мы можам паказаць сваё майстэрства? У межах краіны. Калі куды і выязджаем далей, дык толькі на Дні культуры Беларусі — гэта літаральна некалькі канцэртаў. Але ўсё залежыць нават не ад колькасці выступленняў, а ад дасведчанасці, адукаванасці публікі. Заўважу, што гэта, на маю думку, крыху розныя паняцці. Можна быць, здавалася б, адукаваным (у сэнсе — дыпламаваным), але недасведчаным. Чалавек можа добра вучыцца, атрымліваць высокія адзнакі. А скончыўшы навучанне, забыць усё, чаму вучыўся. Бо яму гэта было не надта патрэбна! Ці іншы варыянт: чалавек вучыцца, але не выходзіць за межы падручніка. Не цікавіцца тым новым, што з’яўляецца ў азначанай сферы. Не ідзе наперад, не развіваецца — так, рухаецца па накатанай дарожцы. І што з гэтага атрымаецца? І наадварот — пераадоленне перашкод дапамагае чагосьці дабіцца. Так што творчы спакой — гэта “дрыгва”, толькі не Якуба Коласа.

— Як вы лічыце, ці дапаможа ў вырашэнні гэтых пытанняў 2016-ы, абвешчаны Годам культуры?

— У кожнага чалавека асабіста — кожны год, незалежна ад дзяржаўных абвестак, павінен быць Годам культуры і Годам асветніцтва. Людзі сталага веку павінны добра адчуваць, што робіцца ў моладзі, і вельмі прыхавана і незаўважна (а менавіта так спрадвек рабілася ў вёсцы) скіроўваць малодшыя пакаленні да жыццёвых ісцін. Узгадваю сваё дзяцінства — і толькі зараз, бадай, разумею, як многа атрымаў ад дарослых, таго ж бацькі. Але найперш — ад маці і дзеда. Як бы рана я ні ўстаў, маці ўжо працавала. Я клаўся спаць — яна яшчэ не. Дзед — таксама вечная праца. Ніколі не зрэзаў жывога дрэва на якія прынады — заўсёды шукаў сухастой (на дзедавай мове, “галэндзі”). Ці ж гэта не выхоўвала? У суседзяў была вішня — і надта ж яна вабіла, як выспявала. Памятаю, аднойчы не вытрымаў, залез да іх. А дзед бачыў! Пачакаў, як я наеўся. А як злез з паркана, улупіў рэмнем — і сказаў два словы: гэта грэх і сорам. Дык такія два паняцці ў сённяшняй агульнай культуры чалавека амаль зніклі. Усё, што мы глядзім па тым жа тэлебачанні, абвяргае гэтыя дзве асноўныя рэчы, без якіх чалавек не можа быць чалавекам. А гэта, між тым, не проста азначэнні — гэта быццам два магічныя заклінанні, якія маглі спыніць, прымушалі адумацца, не перайсці мяжу.

Так, ніводнае вяселле не абыходзілася без бойкі: ну, не падзялілі штосьці. Ці кагосьці — тую ж нявесту. Ды пасля — разыходзіліся з сінякамі. Як я вяселлі граў, заўсёды якую шчылінку пакідаў, загадзя прыадчыняў, каб своечасова збегчы. Але тое было — па святах. Сёння ж — свята быццам штодзень. І калі няма ў чалавеку таго сораму, дык яму што ні абвяшчай, не зменіш.

— А вашаму творчаму калектыву Год культуры адкрые якія новыя перспектывы? Ёсць і юбілеі, памятныя даты. Усё гэта можна і трэба выкарыстаць!

— Мы заявілі ў Міністэрства культуры наш удзел. Адзін з галоўных праектаў — 75-годдзе Уладзіміра Мулявіна і наша пастаноўка ягонай рок-оперы “Песня пра долю”: мы пакажам яе ў некалькіх гарадах Беларусі і ў польскім Беластоку.

— Дадатковага фінансавання чакаеце?

— Я ўважліва слухаю выступленні Прэзідэнта. Гэты год — адзін з найбольш эканамічна складаных. А гэта адчуваецца на глядацкім попыце. Калі чалавек асабліва не заклапочаны тымі ж фінансавымі праблемамі, у яго і жаданні зусім іншыя. Але яшчэ раз падкрэслю: наш аркестр фінансава абаронены з боку дзяржавы, у нас ёсць заработная плата, памяшканне для рэпетыцый. Астатняе — наш клопат. Мы самі павінны быць абаронцамі сваёй творчасці.

— Значыць, вы не з тых, хто любіць плакацца?

— Не. Насамрэч, я часта плачу, але — сабе самому: маўляў, многа ветру ў вачах, і ад гэтага ідуць слёзы.

— Ці ёсць тое, чаго вы не змаглі б дараваць?

— Здраду. Такі выпадак быў, ужо ў сталым узросце. Перажыць тое няпроста. На шчасце, у аркестры такога не бывае. Гэта адзін з самых стабільных калектываў філармоніі: працэнтаў восемдзесят штатнага складу маюць усяго адзін запіс у працоўнай кніжцы, нікуды больш не сыходзяць.

— Таму, што з гэтымі інструментамі больш няма куды падзецца?

— Чаму ж? І ў фальклорных гуртах цымбалы запатрабаваны, і ў замежжы на іх попыт узрастае — у тым ліку, менавіта на беларускія цымбалы. Так што справа, відаць, яшчэ і ў самім калектыве.

— Ці адчуваеце вы з чыйго-небудзь боку канкурэнцыю, якая можа пагражаць статусу вашага калектыва як “адзінага і непаўторнага”? А канкурэнцыю ў барацьбе за слухача адчуваеце? І ці можа вас сёння хтосьці чамусьці навучыць?

— Ведаеце, самы галоўны мой вораг — гэта я сам. Самае цяжкае — калі адчуваеш, што нешта не так і не можаш знайсці выйсце. Калі вядзеш унутраную барацьбу з сабой, знаходзішся ў пошуку незразумела чаго. Можна зрабіць, што называецца, “вярняк” — тое, што было ўжо не раз і заўсёды праходзіла паспяхова. Але ж хочацца спасцігаць невядомае, кудысьці рухацца! Дзе шукаць падказкі, да каго звяртацца па параду? Да беларускай літаратуры і паэзіі. На маю думку, беларуская паэзія ўваходзіць у пяцёрку лепшых у свеце. А наконт прозы — каб сёння мяне запыталі, якія кнігі павінны быць на маім стале, дык я адказаў бы так: Іван Мележ — “Людзі на балоце”, Уладзімір Караткевіч — найперш яго гісторыка-дэтэктыўныя аповесці, Васіль Быкаў — уся творчасць цалкам.

Што тычыцца музыкі, дык многа цікавага робяць нашы прафесійныя гурты: “Палац”, “Бяседа”, “Свята”, “Купалінка”. У іх можна пачуць тое, што можа быць і ў рэпертуары нашага аркестра. Дый у сусветнай музыцы, пачынаючы ад Баха, а то і раней, ёсць шмат таго, што можа папоўніць нашы праграмы: само азначэнне нашага аркестра — “акадэмічны” — да гэтага абавязвае.

Аркестр Жыновіча — гэта не музейны калектыў і не фальклорны. Бо хаця фальклорная спадчына — наша глеба, мы не можам абмяжоўвацца адно ёй. Для гэтага існуюць фольк-гурты. Праўда, прызнацца, многія з іх больш проста эстрадныя, чым сапраўды фальклорныя, хаця, здараецца, і выдаюць сябе быццам бы за “аўтэнтыку”. Фальклор, дарэчы, таксама развіваецца: кожны ўносіць у яго штосьці крышачку “ад сябе”, ідзе пэўная эвалюцыя. Але сэнс яе ў тым, што ўсё праходзіць, як у навуковай практыцы, “апрабацыю”: падхопліваецца толькі самае лепшае, адбываецца “натуральны адбор”. У выніку атрымліваецца гэткая калектыўная творчасць, хаця заўсёды быў хтосьці першы, хто тое ці гэтае прыдумаў. А далей — яно “пайшло ў народ” ці, можа, не пайшло, спынілася.

— Тое ж пытанне, толькі з іншага боку: адсутнасць канкурэнцыі не дае магчымасці расслабіцца? Маўляў, мы ўжо і так вядомыя, прызнаныя.

— Канкурэнцыя — гэта зала. І набытыя білеты. А чым, па сучасных мерках, мы можам асабліва прывабіць публіку? На сцэне паводзім сябе статычна: музыканты сядзяць за сваімі цымбаламі, а не бегаюць па зале. Відэашэраг на вялізным экране? Няма. Застаюцца ўласна музычныя зрухі, кантрасты: вобразныя, тэмбравыя, інтанацыйна-рытмічныя — усё тое, што завецца прафесійным майстэрствам. Але ва ўсім трэба ведаць меру. Бо святы абавязак такіх калектываў, як наш, — несці нацыянальную ідэю. А ўсё астатняе павінна быць на другім месцы. Калі атрымліваецца гэта данесці да слухача — хочацца лётаць. А не — цяжка на душы.

— Адзін з маіх суразмоўцаў неяк сказаў, што не разумее, калі на фестывалях, пазначаных статусам “нацыянальны”, гучыць сусветная класіка: маўляў, для гэтага існуе безліч іншых мерапрыемстваў, якія гэтага статусу не маюць. У фальклоры, як сведчаць даследчыкі, таксама яшчэ не ўсё вычарпана: ніводная са штогадовых фальклорных экспедыцый не вярталася з пустымі рукамі. Дый сярод назапашанага багата застаецца таго, што занатавана, але пакуль не дайшло да шырокага слухача. Ці не заняцца вам усім гэтым?

— Дык мы і займаемся! І фальклорам, і прэм’ерамі беларускіх кампазітараў. Бываюць праграмы, цалкам складзеныя з беларускай музыкі. Але што мяне абражае часам, дык гэта рэакцыя слухачоў. Здаецца, такія нацыянальнага гучання перліны выконваем, а прыём — звычайны. А як сыграем штосьці для публікі знаёмае -- выбухае такімі апладысментамі, што не спыніць. Таму такія “салодкія цукерачкі” імкнемся ставіць у фінал канцэрта. Не хачу нікога пакрыўдзіць, але сёння слухачы і гледачы ідуць найперш на штосьці забаўляльнае. І калі я буду складаць праграмы цалкам з канцэпцыйных нацыянальных твораў, дык калектыў не выжыве. Што тады, скажыце, меншае зло: сусветныя хіты раз-пораз у праграме — ці пагібель усяго калектыву? Ад гэтага і адштурхоўваемся: разам са “Снікерсам” даем і наш пакутны чорны хлеб.

— Можа, тады пасуе такое параўнанне: селянін увесь тыдзень працуе, а ў нядзелю ідзе ў храм, слухае казанне. Потым зноў вяртаецца да цяжкай штодзённай працы. Дык, можа, ваша дзейнасць — таксама штосьці накшталт “нядзельнай імшы” для грамады? Звычайны чалавек увесь час працуе, фонам для яго гучыць эстрада, расійская папса, а потым ён прыходзіць на ваш канцэрт — грахі замольваць.

— Вы зараз сказалі такую фантастыку! Гэта будзе, але вельмі няхутка. За 85 гадоў аркестрам было перайграна некалькі тысяч партытур. Штосьці сышло ў нябыт, хаця ў свой час здавалася лепшым? Маўляў, акурат тое, што трэба. На згаданай Дэкадзе ў Маскве аркестрам дырыжыраваў Канстанцін Сімяонаў. І было зроблена пералажэнне для нашага аркестра фінала Сімфаньеты Мікалая Чуркіна, скрозь прасякнутай народнымі цытатамі. Гэты твор і па сёння — брэнд калектыву. Тое ж самае — з “Мелодыяй” Іосіфа Жыновіча. Можна многа ствараць падобнага, але атрымаецца толькі паўтор. Зараз жа фольк-запісаў — мора. У той жа Акадэміі музыкі назапашана столькі, што хопіць не на адно пакаленне даследчыкаў! А вось як сплесці іх у музычны вяночак, прыдатны менавіта для аркестра Жыновіча, і пры гэтым не паўтарыць ранейшых творцаў? Вось у чым галоўнае пытанне.

Нам пашчасціла, што сёння ў аркестры працуе Аляксандр Крамко — цудоўны музыкант-віртуоз, выдатны аранжыроўшчык, які вельмі добра не толькі выразна, але і тэхнічна адчувае беларускія народныя інструменты: дудачку, дуду, акарыну, саломку. Калі вы слухалі яго шматлікія кампазіцыі, маглі ў тым пераканацца. Яны заўсёды выклікаюць фурор!

— Вам даводзіцца працаваць не толькі з салістамі аркестра, але і з запрошанымі зоркамі. Ці многа яны патрабаванняў выказваюць? Як выяўляюць сваю “зорнасць”?

— Згадаю гісторыю. З аркестрам у свой час выступалі ўсе вядучыя оперныя салісты Савецкага Саюза: Штокалаў, Вядзернікаў, Атлантаў, Менжылкіеў, Салаўяненка, Нарэйка… Усе гэтыя канцэрты запісваліся тэлебачаннем, а артысты спявалі, вядома, жыўцом — рамансы, оперную музыку. Нарэйка — яшчэ і беларускія народныя песні: яму, літоўцу, яны былі блізкія. А выдатнейшы бас, кіргіз Менжылкіеў -- спяваў таксама наш знакаміты “Нёман”. Я ніколі з імі не адчуваў ніякіх складанасцей — наадварот, яны яшчэ і выхоўвалі аркестр на высокай класіцы. Што да сённяшняга дня, дык мы імкнемся і салістаў адпаведных абіраць, і творы: не бывае ў нас звыклай “дыскатэкі” — сапраўдная песенная класіка на высокамастацкія вершы. Тыя ж Пётр Елфімаў, Ігар Задарожны — людзі з акадэмічнай кансерваторскай адукацыяй. Марына Васілеўская — скончыла БДУКіМ. Дый у астатніх вельмі высокая спеўная і агульная культура. Асабліва я рады за Пятра — гэта чалавек разумны, адукаваны, адораны ад прыроды і добра навучаны не “мяўкаць” (як гэта, здараецца, робяць некаторыя эстрадныя спевакі), а спяваць на трывалым дыханні, пастаўленым голасам, даносячы сам сэнс кожнай песні. Калі мы з ім выступаем, я адчуваю, стоячы да гледачоў спінаю, за плячыма сапраўдны ”дзевяты вал”.

 — Ды ў вас кожны не толькі вакаліст, але і інструменталіст — найперш саліст! Але ж склад аркестра цягам 85-ці гадоў змяняўся. Калісьці гэта былі цымбалы ды баяны, потым далучыліся шматлікія народныя духавыя інструменты, электроніка. Дык што такое сёння — аркестр народных інструментаў?

— Мой дзед Янук пражыў 96 гадоў, перайграў на скрыпцы шмат вяселляў, граў таксама на дудцы. Ад інструмента і мянушка пайшла: нас у вёсцы называлі — Дудкі. Вясковыя ансамблі маглі спалучаць усё, што мелася. Аднойчы ўжо навучэнцам музычнай вучэльні граў хрэсьбіны. І адна жанчына раптам заспявала “Ландышы”, якія былі тады надзвычай папулярныя, дапамагаючы сабе ўласным акампанементам — калатушкай па тазіку. Так што народным інструментам можа быць нават нейкая побытавая рэч — галоўнае, з цікавым тэмбрам. І ў цяперашніх умовах той жа сінтэзатар — даспадобы.

— А ці ёсць тады будучыня ў цымбалаў? Тым больш, што застаюцца праблемы з іх вытворчасцю.

— Гэта адзін з маіх галоўных боляў. Амаль усе артысты аркестра — лаўрэаты міжнародных і нацыянальных конкурсаў, і магчымасці ў іх -- бязмежныя!

— А магчымасці інструмента?

— Стрымліваюць выканаль-
ніцкія магчымасці. Калісьці справа быццам зрушылася, потым прытармазілася. А трэба тэрмінова адкрыць лабараторыю па вывучэнні акустычных магчымасцей інструмента і яго ўдасканаленні. У свой час той жа Жыновіч зрабіў са сціплых аўтэнтычных цымбалаў — паўнавартасны канцэртны інструмент. Але час ідзе і патрабуе новых тэхнічных магчымасцяў. Фабрыку ў Барысаве закрылі, ёсць многа прыватных майстроў. Але справа яшчэ і ў іншым: цымбалы пачалі каштаваць па 17 — 20 мільёнаў рублёў. Ці ж даступны сёння гэты інструмент? А каб народ зайграў, гэта важна.

— Каб не 85 гадоў таму, а сёння складаўся б аркестр народных інструментаў, якія, магчыма, яшчэ інструменты вы туды дадалі б?

— Дзве скрыпкі і альт, як гэта робіцца ў некаторых нашых праектах.

— У 1930-я, калі адкрыўся оперны тэатр, ішлі дыскусіі, якой павінна быць беларуская опера. Былі прапановы замяніць сімфанічны аркестр народным. Сёння ваш калектыў прыйшоў да той жа ідэі, але на новым узроўні: чатыры згаданыя ў пачатку размовы праекты — оперныя адгалінаванні, але — з народным аркестрам. Мо наспеў час іх больш трывалага тэатральнага ўвасаблення?

— Тры з іх адразу прэзентаваліся ў тэатралізаваным выглядзе, “Люцыян Таполя” пакуль яго не атрымаў, гучаў у больш сціплым канцэртным выкананні. Ёсць у мяне задума яшчэ аднаго праекта, які абавязкова будзе патрабаваць сцэнічнага, тэатральнага ўвасаблення. Увогуле ж, кожны народны музыка — яшчэ і адметны артыст. На тым жа фестывалі “Звіняць цымбалы і гармонік” тэатралізацыі ў выступленнях хапае! А вось мясцовыя асаблівасці, якія дазвалялі адразу зразумець, з якога рэгіёну Беларусі выканаўца, пачалі сцірацца.

— У свеце вельмі запатрабаваны так званы інструментальны тэатр, калі ў межах не сцэнічных твораў увасабляюцца некаторыя элементы тэатралізацыі.

— Мы таксама гэта рабілі! У творы Вячаслава Кузняцова “Чаму ж мне не пець”. Аркестрантаў бывае цяжка “раскруціць” на падобныя з’явы. Але — расцем! Так што ўсялякіх навінак у нас яшчэ будзе шмат.

Пытанні задавалі Надзея БУНЦЭВІЧ, Пётр ВАСІЛЕЎСКІ, Алег КЛІМАЎ, Настасся ПАНКРАТАВА

Фота Аліны САЎЧАНКА

 
Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Последнее изменение Воскресенье, 27 ноября 2016 13:42

Календарь концертов

Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30

Последние новости

  • «Песня пра долю» в Вилейке
    «Песня пра долю» в Вилейке На сцене Вилейского Дворца культуры 4 ноября Национальный академический народный оркестр Беларуси имени И. Жиновича…
    Опубликовано %PM, %26 %766 %2016 %20:%нояб
  • "Песня пра долю”, рок-оперу і рэаліі
    "Песня пра долю”, рок-оперу і рэаліі Зайздросцьце: і я таксама пабываў на “Славянскім базары ў Віцебску” дзякуючы Нацыянальнаму акадэмічнаму народнаму аркестру…
    Опубликовано %PM, %20 %798 %2016 %21:%нояб
  • Калі пра смак нашага хлеба задумацца?
    Калі пра смак нашага хлеба задумацца? Казінец з Дудкаў пра вяселлі ў XXII стагоддзі, многа ветру ў вачах, “дрыгву” руху па…
    Опубликовано %PM, %26 %780 %2016 %20:%нояб
  • О творчестве
    О творчестве Художественный руководитель и главный дирижер Национального академического народного оркестра им. Иосифа Жиновича, народный артист Беларуси,…
    Опубликовано %AM, %12 %196 %2013 %06:%мая
  • «Играть надо для публики, а не для критиков!»
    «Играть надо для публики, а не для критиков!» У заслуженного артиста Беларуси Александра Кремко — мультимузыканта, композитора, аранжировщика и дирижера Национального академического народного…
    Опубликовано %PM, %17 %728 %2015 %19:%окт